Дапамажы бліжняму

Наша миссия: мы помогаем нуждающимся и развиваем идеи благотворительности.


18 марта 2019

Дапамажы бліжняму

Бог чуе шэпт вуснаў тваіх...

Амаль чвэрць веку назад пад крылом царквы веры евангельскай “Збаўленне” у Баранавічах

упершыню адчыніў свае дзверы дабрачынны цэнтр дапамогі людзям з алкагольнай і

наркатычнай залежнасцямі. Колькі было тых першых, хто зламаўся, упаў і не меў сіл

самастойна падняцца?

Гідра і пачатак

На пытанне, якое змешчана вышэй, хутчэй за ўсё, адказаць не зможа ніхто. Вядома толькі,

што тых, хто трапіў пад апеку цэнтра, напачатку было пяцёра – менавіта такая колькасць

мужчын магла змясціцца ў памяшканні, якое цэнтр арэндаваў ў мясцовых жыхароў. Аднак

ужо гэта было рашучай спробай даць свой адказ на выклікі часу – п’янства і наркаманію,

якія галопам імчалі па нашых гарадах і вёсках, а таксама светлагорскую ўспышку ВІЧ-

інфекцыі ў сярэдзіне 90-х, якая, нібы гідра ў старажытнагрэчаскай міфалогіі, пагражала

сваёю неўміручасцю. Жах ахопліваў ад хуткасці, з якой распаўсюджвалася не вядомая нам

хвароба СНІД, і ад “перспектывы” памерці… маладымі. І ўсё ж колькі было патрабуючых

дапамогі? І колькі іх сёння? Безумоўна, гэтая статыстыка ў рэальнасці існуе, але дакладна

яе ніхто не можа агучыць, бо хваробы маральнасці, а справядлівей было б сказаць,

адсутнасці маральнасці паражаюць людзей значна хутчэй, чым дыягнастуюцца і

рэгістрыруюцца адпаведнымі органамі. На жаль.


Пачынаў вызваленчую місію ў Баранавічах Віктар Лабаноўскі, які ў свой час атрымаў

тэалагічную адукацыю ў Харватыі і адчуў моцную патрэбу вяртання нашага сучасніка ў

яго чалавечае “лона”. Менавіта ў Харватыі ён убачыў, як працуе хрысціянскі цэнтр, што

дапамагае людзям пазбавіцца алкагольнай і наркатычнай залежнасцей. Ідэя стацыянарнай

дапамогі небаракам моцна захапіла, і ён пачаў стукаць ва ўсе дзверы, атрымліваў

кансультацыі ў галоўных спецыялістаў-нарколагаў нашай краіны, раіўся з прадстаўнікамі

дзяржаўных уладаў, стажыраваўся ў Польшчы, Швецыі, дзе аналагічныя цэнтры

дзейнічалі. Праз хуткі час Міністэрства юстыцыі зарэгістравала рэспубліканскую

хрысціянскую дабрачынную арганізацыю, пазней – дабрачынную місію “Вяртанне”

Аб’яднанай Царквы хрысціян веры евангельскай. Такім быў пачатак. Арганізатары

прасілі Божага благаслаўлення на распачацце справы, і Усявышні пакіраваў так, што ад

пяці стацыянарных ложкаў на “старце” місія вырасла да 240 месцаў сёння. Хтосьці гэта

палічыць “кропляй у моры”, але ж і вялікія рэкі пачынаюцца з маленькага ручая…

За гады існавання місія “Вяртанне” ўдасканалілася, тэрытарыяльна прыблізілася да

людзей, якія патрабуюць дапамогі. Сёння дабрачынныя рэабілітацыйныя цэнтры

дзейнічаюць ў розных абласцях рэспублікі, значна расшырылі свой “дыяпазон” і

дапамагаюць не толькі залежным ад наркотыкаў і алкаголя, але і бяздомным, тым, хто

вярнуўся з мест зняволення, апынуўся ў цяжкім жыццёвым становішчы, таксама

займаюцца прафілактыкай сярод моладзі, апякуюцца сіротамі і дзецьмі, што засталіся без

апекі бацькоў. Місія таксама працуе над развіццём спецыялізаваных праграм для асобных

груп патрабуючых дапамогі – напрыклад, для залежных ад кампутарных гульняў,

церпячых ад хатняга насілля, ад крызісных сітуацый, для бяздомных заснаваны дом

начнога прабывання.


Вучні Хрыста

Хто трапляе на стацыянарныя ложкі місіі? Самыя розныя па ўзросту, прафесійнай і

канфесійнай прыналежнасці, сацыяльнаму статусу, характару, жыццёваму вопыту і

мінулых заслугах людзі, таму няма сэнсу гэта пералічваць. Як трапляюць? Таксама па-

рознаму: некага прывозяць на місію бацькі або родныя, некага – сябры, якія вылячыліся

самі, хтосьці трапляе праз прадстаўнiкоў мясцовай ўлады , хтосьці прачытае аб’яву ў

царкве. Аднак ёсць тое актуальнае і характэрнае, што яднае ўсіх “пастаяльцаў”

стацыянараў, або, як іх тут называюць, “студэнтаў” – гэтыя людзі ніколі не ведалі Бога

або па нейкіх прычынах (часам не зразумелых нават ім самым) ад Госпада адышлі, трапілі

ў палон граху і бяздумна разбуралі свой лёс. Міласэрны Бог не пакінуў дзяцей сваіх на

пагібель, працягвае руку і кліча іх, як клікаў першых сваіх вучняў: “Ідзіце за Мной, і Я

зраблю вас рыбакамі людзей!” (Мц. 4, 19).

Таму наша першасная задача, – гаворыць дырэктар дабрачыннай місіі “Вяртанне”

Міхаіл Балакіраў, – дапамагчы студэнтам пазбавіцца залежнасці, у якую яны трапілі.

Шчыра кажучы, задача не простая, бо прыходзяць да нас людзі, якія жылі, не звяртаючы

ўвагі на прысутнасць Бога, жылі, быццам Яго няма, “саматугам” вырашалі жыццёвыя

праблемы... Гэта значыць, прыходзяць з багажом накопленага негатыву, шкодных звычак,

ілжывага ўяўлення аб чалавечым шчасці... І капельніцу тут не паставіш, каб у іх вачах

адразу бляск з’явіўся. Перш за ўсё гэтым людзям трэба дапамагчы зразумець, у чым ёсць

ісціна і ў чым сапраўднае пакліканне кожнага Божага дзіцяці, дапамагчы вызначыць

каштоўнасці і расставіць прыярытэты ў сваёй галаве, іншымі словамі – прыблізіць

чалавека да Бога. І сама місія не вызваляе – яна толькі прылада ў руках Госпада. “Калі

Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі”, – сказана ў Евангеллі ад св. Яна (Ян 8,

36).

Наступная задача – ачысціўшы бруд з душы чалавека, даць яму біблійныя асновы веры,

бо, калі гэтага не зробім, на чыстае месца могуць прыйсцi “сем злейшых”. Гэта азначае,

што замест усяго шкоднага, што, урэшце, аджыло, трэба пакласці новае – новыя думкі,

адчуванні, светапогляд, адным словам, залажыць фундамент новага ладу жыцця. А ўсё

новае будуецца на Хрысце. “Таму, калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось 

сталася новае” (2 Кар 5, 17). Без Бога не можам вызваліць чалавека ад залежнасці, без

Бога не можам пабудаваць і новае жыццё.


Тэрмін рэабілітацыі – 18 месяцаў – досыць немалы, пасля яго студэнт пакідае сцены місіі.

А далей? Ці будзе карысны для сваёй сям’і, царквы, грамадства, як пойдзе яго далейшая

інтэграцыя? Як будуць складвацца яго адносіны з Богам пасля таго, як вернецца ён у

папярэдні працоўны калектыў або сустрэнецца з былымі сябрамі? Выпрацоўка комплексу

неабходных навыкаў будаваць сваё жыццё па-новаму прадугледжана праграмай

рэабілітацыі, якая паступова падымае чалавека з дна яго асабістага жыцця, куды

апусціўся. Рэабілітацыя з’яўляецца  доўгатэрміновым  комплексным працэсам, які накіраваны на

 аднаўленне асобы. Спецыялісты, валанцёры, супрацоўнікі місіі спачатку дапамогуць студэнту 

пераадолець крызісны этап (4-6 месяцаў), пасля – агульнападрыхтоўчы і напрыканцы – 

адаптацыйны. Каб змяніць свой унутраны свет, студэнт усе 18 месяцаў вучыцца на основе

 біблейскіх дактрын і хрысціянскай этыкі, працуе, чатыры разы на тыдзень прымае ўдзел у 

малітоўных сустрэчах у царкве, таксама адпачывае. Але ніхто нікога не затрымоўвае тут сілаю. Як і Хрыстос нікога не прымушаў ісці за Ім. “Калі хто хоча ісці за  Мною, няхай адрачэцца ад сябе, 

штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною” (Лк 9, 23). Хочаш вярнуць сваё чалавечае аблічча – вяртай, 

справа дабраахвотная!


Перакананне

....А зараз накіроўваемся ў майстэрню мастацкай разьбы, дзе студэнты заняты працай–

рыхтуюць эскізы будучых вырабаў, апрацоўваюць загатоўкі, падбіраюць малюнкі,

капіруюць, на гладка адшліфаваную паверхню драўніны наносяць цытаты з Бібліі,

пакрываюць лакам. Дарэчы, праца арганізавана па метаду канвеера, і абсалютна да

кожнага вырабу рукі прыкладвае кожны студэнт. Размаўляем з імі аб тым, як уздзейнічае

Слова Божае – праз супрацоўнікаў місіі, валанцёраў – на людзей, якія тут пазнаюць Бога,

перажываюць навяртанне. Праграма рэабілітацыі хутка завершыцца, і маладыя хлопцы і

мужчыны стануць выпускнікамі місіі. Як будуць жыць далей?


– Далей будзем жыць для Госпада і працаваць там, куды Ён пакліча, – адказвае 29-гадовы

Дзіма, на хвілінку адарваўшы вочы ад плоскага кавалка драўніны, на які фразою

“наносіць” словы: “Я и дом мой будем служить Господу” (Нав 24, 14-15). – Мірскога

жыцця я ўжо паспрабаваў і, можна сказаць, наеўся даволі, зусім не натхніла...


Побач з ім – 35-гадовы Аляксандр таксама шчыруе над словамі тэксту. Тэхналогію

працэсу пераказваць у дэталях не бяруся, бо, кажучы шчыра, не яна мяне зацікавіла –

прагла адкрыць для сябе важнейшае: што адбываецца ў сэрцы разьбяра, пакуль карпее ён

над кожнай літарай Слова са Святой Кнігі. І ці знаходзіць, што праз тыя біблійныя цытаты

і тэксты, якія “матэрыялізуюцца” у ягоных руках, Бог звяртаецца, у тым ліку, да яго,

чалавека, які вырашыў выпрастаць свой пакрыўлены лёс. І ці няма часам унутранага

супраціўлення таму, чаму Бог навучае, да чаго кліча?

– Супраціўлення?.. Уся Біблія напісана пад уздзеяннем Святога Духа, таму ніякага

супраціўлення не можа быць! Сёння я праціўлюся таму, да чаго кліча мяне сучасны свет, –

гаворыць другі Дзіма, 35- гадовы. –Агідна тое, што адбываецца зараз у ім... Раней гэтага

не заўважаў, пакуль Бог не адкрыў мне вочы...

–Атрымаць свабоду ад алкаголю, наркотыкаў, адчуць свежасць ветру, убачыць, што трава

зялёная і неба высокае, – дадае Аляксандр, – сапраўды вялікая Божая ласка. Што я бачыў

ці ведаў, акрамя таго, куды можна “зганяць”, каб атрымаць чарговую “дозу”? Гэта была

жудасная навала сатаны. Сёння я бясконца ўдзячны Богу і свайму былому суседу, які 12

гадоў таму паспяхова прайшоў праграму, вышаў з палону залежнасці, стварыў сям’ю і

пасля застаўся супрацоўнікам місіі, каб дапамагаць іншым атрымаць збаўленне. Бог

заўсёды пакажа прыгажосць навакольнага свету таму, хто захоча яе ўбачыць.


На рабочым стале Ігара – кампутар, за якім ён працуе, побач з ім – спіс цытат з Бібліі,

філасофскія выразы, мудрыя думкі. Услых чытаю самы першы радок: “Бог слышит даже

шёпот твоих губ”...

– Гэта не з Бібліі, гэта маё перакананне, – заўважыў Ігар і пачаў свой аповед пра былыя

пошукі задавальненняў на заблытаных жыццёвых сцежках, на якія пайшло ажно 18 гадоў.

– Фантастыка? Не, курыць траву пачаў з 15 і пасля паспрабаваў усё – марыхуану, гераін,

сінтэтыку, зарабіў дзве судзімасці, тры разы быў у рэанімацыі, у верасні 2016 года

перажыў 7-дзённую кому. Ачнуўшыся, крычаў ад болі. Да мяне падыходзіла доктар, заспакойвала і 

пытала: “Чаго ты крычыш? У цябе Божанька ёсць?.. Устань, паглядзі ў

вакно, паглядзі на свет...Памаліся Богу!”. У мяне не было для яе ніякага адказу. Больш

таго, разбірала злосць (замест таго, каб даць абязбольваючы сродак доктар прапаноўвае

Божаньку!), і я зноў лямантаваў у адчаі: “Божа, не дай мне ўстаць, забяры мяне!”. “Божа,

зрабі са мною хоць што-небудзь, калі Ты ёсць!”. Бог чуў мяне і даваў мне вельмі многа,

толькі не адразу: цярпенне, час, разуменне, сілы, ацаленне. У дзень выпіскі з бальніцы

хуткай дапамогі ў Мінску прынеслі мне адпаведныя даведкі. Глянуў, ці ёсць подпіс урача

і прачытаў яго прозвішча: “Богдан”. Супадзенне гэта ці падказка? У хуткім часе знаёмая

праз сацыяльныя сеткі паведаміла, што ёсць вылячэнне ад залежнасцей – місія

“Вяртанне”, і сёння я ўжо на апошнім этапе праграмы. Жыву Божым Словам, разважаю

над ім, адчуваю яго, імкнуся належным чынам увасобіць на драўніне, каб нехта мог узяць

яго ў рукі, павесіць над сваім ложкам у спальні і глыбока задумацца: адкуль чакаць

збаўлення для сваёй душы і цела. Таму, калі чытаю цытату з Дзеяў апосталаў “Веруй в

Господа Иисуса Христа и спасешься ты и весь дом твой», уяўляю, што недзе жыве яшчэ

не адзін такі Ігар з пакалечаным лёсам, і спадзяюся на тое, што Божае Слова і да яго

дойдзе.

Раіса СУШКО. 

Часопiс «Дыялог» https://www.dialog1994.by